ЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

злучэнні, якія маюць замкнёны ў кольца ланцуг атамаў.

Бываюць неарган. і арганічныя. Неарган. цыклы ўтвараюць асобныя атамы, напр., бор, сера. Сярод арган. Ц.з. адрозніваюць карбацыклічныя злучэнні (цыклы складаюцца з вугляродных атамаў, напр., аліцыклічныя злучэнні, араматычныя злучэнні) і гетэрацыклічныя злучэнні (у цыкле разам з атамамі вугляроду 1 або некалькі інш. атамаў). Могуць мець 1 цыкл (монацыклічныя, напр., цыклаалканы), 2, 3 і больш цыклаў (бі- і поліцыклічныя). Да бі- і поліцыклічных адносяцца: спіразлучэнні (хоць адна пара цыклаў мае агульны атам); кандэнсаваныя злучэнні (2 суседнія цыклы маюць 2 агульныя атамы, напр., азулены, антрацэн, нафталін); мастковыя злучэнні (утрымліваюць фрагмент, у якім 2 кольцы маюць 3 і больш агульных атамаў). Хім. ўласцівасці Ц.з. вызначаюцца прыродай атамаў, якія іх складаюць. Для многіх Ц.з. характэрна наяўнасць розных канфармацый (гл. Канфармацыйны аналіз).

т. 17, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)